помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў г. Тракай (Літва). Размяшчаецца на в-ве воз. Гальве. У 15 ст. адна з рэзідэнцый вялікіх князёў ВКЛ, месца ўрачыстасцей і прыёмаў дыпламатаў. У замку ў 1415 і 1416 кн. Вітаўт вёў перагаворы з магістрамі Лівонскага ордэна, у 1483 кароль Казімір IV Ягелончык — з вял. магістрам Тэўтонскага ордэна. Замак часта перабудоўваўся і прыстасоўваўся да патрэб сваіх гаспадароў. У вайну 1655—60 зруйнаваны і з часам прыйшоў у заняпад. Адбудаваны ў 1953—61 паводле праекта арх. Б.Крумініса, прызамкавая ч. адбудоўвалася з 1961 (праект арх. С.Мікулёніса). Палац (узведзены ў 1342) канвентнага тыпу, складаецца з 2 паралельна пастаўленых 3-ярусных, прамавугольных у плане карпусоў (маюць контрфорсы, галерэю на 2-м ярусе, высокія 4-схільныя дахі) і 3-яруснага данжона. Будынкі (з чырвонай цэглы) размешчаны вакол невял. ўнутр. двара. Для аздаблення інтэр’ераў выкарыстаны прафіляваная цэгла, дэкар. кафля, вітражы і інш. Пад падлогай абсталявана спец. ацяпленне. Палац быў абкружаны абарончай сцяной з 3-яруснымі вежамі. Цяпер у Т.з. гіст. музей.